Беларускі фонд міру працягвае збор сродкаў на будаўніцтва храма-капліцы на месцы спачыну святой блажэннай Валянціны Мінскай
28 снежня 2025У надыходзячым 2026 годзе будзе святкавацца 60-годдзе з дня скону і 20-годдзе праслаўлення блажэннай Валянціны Мінскай. Урачыстыя набажэнствы з нагоды гэтых памятных пройдуць 5 і 6 лютага.
У 2024 годзе па ініцыятыве вернікаў на месцы спачыну святой пачалося будаўніцтва храма-капліцы. Збор сродкаў на яе ўзвядзенне быў арганізаваны Беларускім фондам міру. Пра тое, як можна пералічыць сродкі на спецыяльна адкрыты дабрачынны рахунак, можна даведацца на сайце Беларускага Фонду міру па спасылцы.
Ужо шмат гадоў дагледжаная магілка на простых сельскіх могілках каля вёскі Коскі Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці з'яўляецца вядомым месцам паломніцтва. Кожную нядзелю ля яе служацца вадасвятныя малебны, на якія прыязджаюць вернікі не толькі з усёй Беларусі, але і суседніх дзяржаў. Па добрай традыцыі да вялікіх царкоўных святаў людзі ўпрыгожваюць месца спачыну святой жывымі кветкамі і прыроднымі матэрыяламі, каб сваімі працамі аддзячыць за дапамогу па яе малітвах. Так кожны ўносіць свой пасільны ўклад ва ўслаўленне матушкі Валянціны.
Яна стала адзінай у Беларусі святой, праслаўленай у чыне блажэннай. Матушка была кананізавана Беларускай Праваслаўнай Царквой па благаславенню першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) 6 лютага 2006 года, роўна праз 40 гадоў пасля свайго скону. Аднак яшчэ пры яе зямным жыцці не зарастала сцежка да маленькага доміка ў вёсцы Коскі, дзе жыла святая. Больш за трыццаць гадоў з-за хваробы матушка Валянціна не ўставала з ложка, але ацаляла і падтрымлівала тых, хто прыходзіў да яе па дапамогу. Як і святая Матрона Маскоўская, жанчына была абезрухоўлена, але бачыла унутраным позіркам падзеі, што адбываюцца далёка ад яе. І падобна блажэннай Ксеніі Пецярбургскай прападобная казала вобразнымі фразамі, якія таілі глыбокі сэнс для тых, хто ўмеў слухаць.
Першыя сведчанні пра цуды матушкі Валянціны аднояцца да даваеннага часу. Яна прадбачыла пачатак Вялікай Айчыннай вайны і іншыя важныя для краіны падзеі. Сваім наведвальнікам яна казала: «я памру, але прыходзьце да мяне як да жывой, і я вам дапамагу». Дадзенае ёй абяцанне шчадралюбна спаўняецца і па гэты дзень. Блажэнная Валянціна стала крыніцай радасці і падтрымкі для многіх і многіх людзей — па малітвах святой людзі атрымліваюць ад Госпада дапамогу і суцяшэнне.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,


