У Полацку прайшло пленарнае пасяджэнне IV Міжнароднага форуму «Размова пра важнае: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава»
13 кастрычніка 202613 кастрычніка ў Полацку ў Сафійскім саборы адбылося пленарнае пасяджэнне двухдзённага IV Міжнароднага форуму «Размова пра важнае: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава», які праводзіцца пад патранажам Савета Рэспублікі і Беларускай Праваслаўнай Царквы (Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату).
Удзельнікі пасяджэння, якое прайшло пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна абмеркавалі прыярытэты дэмаграфічнай бяспекі, развіццё дзяржаўнай сямейнай палітыкі, умацаванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва і арыенціры духоўна-маральнага выхавання моладзі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве было запрошана каля 300 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі духавенства, сфер адукацыі, аховы здароўя, маладыя і шматдзетныя сем'і з усіх рэгіёнаў, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і парламентарыі. Да размовы аб важным далучыліся таксама і парламенцкія дэлегацыі з Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Узбекістана.
«Форум праходзіць упершыню ў статусе міжнароднага. Гэта сведчыць аб тым, што тэма захавання традыцыйных каштоўнасцяў сям'і і сувязі пакаленняў хвалюе і аб'ядноўвае прагрэсіўную грамадскасць, народы і краіны», — падкрэсліла ў сваім выступленні старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава.
«Сямейныя каштоўнасці ляжаць у аснове здаровага грамадства і квітнеючай дзяржавы. Гэта гарманічныя адносіны, фізічны і духоўны дабрабыт, выхаванне дзяцей і клопат пра старэйшае пакаленне. Гэта любімы бацькоўскі дом, пабудаваны на падмурку ўвагі і ўзаемнай падтрымкі», — сказала яна.
Як адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі, старажытная Полацкая зямля выбрана не выпадкова: «Яна здаўна з'яўляецца калыскай беларускай духоўнасці, якая дае пачатак вытокам нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры, асветы і маральнасці беларускага народа».
У сваім слове Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін павітаў прысутных і падзякаваў Наталлі Іванаўне Качанавай і ўсім арганізатарам за сумеснае ўстанаўленне гэтай добрай традыцыі і за тое, што цяпер размова здабыла міжнароднае гучанне. «Розныя мовы, культуры і рэлігійныя традыцыі ў прысутных тут прадстаўнікоў народаў, але любоў маці і бацькі да дзіцяці, шанаванне старэйшых, вернасць і ахвярнасць зразумелыя кожнаму без перакладу», — сказаў Яго Высокапраасвяшчэнства. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што сёння важна адкрытая размова аб выкліках і іх пераадоленні, а таксама аб добрых дасягненнях і пашырэнні, распаўсюджванні такога вопыту.
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падкрэсліў, што абарона інстытута сям'і, мацярынства і дзяцінства стала агульнанацыянальнай справай, якая патрабуе цеснага і трывалага саюза дзяржаўнай улады і Царквы.
Архіпастыр у сваім выступленні адзначыў ключавыя вынікі сумеснай работы і падрабязна спыніўся на маштабных ініцыятывах Беларускай Праваслаўнай Царквы, уключаючы штогадовы рэспубліканскі форум «Сям'я — сёння, заўтра, назаўжды», які сёлета ўпершыню выйшаў на шырокі рэгіянальны ўзровень і быў уключаны ў дзяржаўную праграму «Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу» на 2026-2030 гады.
Асаблівую ўвагу ў сваім слове Патрыяршы Экзарх надаў канкрэтным прапановам па падтрымцы мацярынства і ўмацаванні сямейных саюзаў. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што Беларуская Праваслаўная Царква хадайнічае перад Міністэрствам аховы здароўя аб стварэнні пры садзейнічанні Царквы адзінай рэспубліканскай сістэмы кабінетаў псіхалагічнай дапамогі «За жыццё» і аб заахвочванні медыцынскіх работнікаў, якія дапамагаюць жанчыне прыняць усвядомленае рашэнне аб нараджэнні дзіцяці.
Акрамя таго, Мітрапаліт Веніямін выступіў з ініцыятывамі аб развіцці праграм сямейнай адукацыі і выхавання моладзі ў навучальных установах, пашырэнні супрацоўніцтва органаў ЗАГСаў і духавенства для правядзення добраахвотных гутарак людзьмі, якія ўступаюць у шлюб, а таксама кансультацый для пар, якія падалі заяву на развод, з мэтай захавання сем'яў. Асобны акцэнт быў зроблены на захаванні чысціні слова і праводзімай па ініцыятыве Савета па маральнасці агульнарэспубліканскай акцыі «Я і сям'я без брыдкаслоўя».
«Гэты год, прысвечаны беларускай жанчыне, нагадвае: жанчына ва ўсе часы была захавальніцай хатняга ачага, веры, памяці і маральнага ўкладу. Прысвячаючы сябе сям'і, жанчына «застане́цца ў веры, і любові, і ў святасці са сціпласцю» паводле слова Апостала Паўла, разам з мужам і дзецьмі. І тады патэнцыял, закладзены Творцам у жанчыну, будзе памнажацца на колькасць народжаных і выхаваных ёю дзяцей. А радасць ад выкананага абавязку перад Богам і грамадствам, ад зносін са сваімі дарослымі і ўладкаванымі ў жыцці дзецьмі, якім яна прысвяціла сваё жыццё, перасягне ўсе нягоды і цяжкасці мацярынскага подзвігу», — сказаў архіпастыр.
«Сёння мы гаворым пра гэта з увагай і павагай да рэальных задач, якія сучасная жанчына вырашае ў сям'і, прафесіі і грамадстве, — падкрэсліў ён. — Безумоўна, моцная сям'я ствараецца сумесным служэннем бацькі і маці: дзіцяці неабходныя і матчына любоў, і бацькоўская адказнасць».
«Дарагія госці! Упэўнены, што многае са сказанага сугучна вопыту тут прадстаўленых народаў. У кожнага свае традыцыі, але ўсе яны захоўваюць адну ісціну: народ, які беражэ сям'ю, мае будучыню. Хай гэты форум стане працягам сумесных намаганняў і асновай для новых добрых вынікаў у абароне сям'і, мацярынства і дзяцінства» — адзначыў на заканчэнне Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,




