У Тураўскай епархіі прайшоў Летні злёт моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы
01 жніўня 2025Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з 25 па 28 ліпеня 2025 года ў Тураўскай епархіі прайшоў Летні злёт праваслаўнай моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы сумесна з Тураўскай епархіяй.
У першы дзень злёту для яго ўдзельнікаў была праведзена экскурсія па горадзе Тураву. Юнакі і дзяўчаты наведалі кафедральны сабор у гонар свяціцеляў Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх і Замкавую гару, агледзелі помнік свяціцелю Кірылу Тураўскаму, наведалі Музейны комплекс Тураўскага храма XII стагоддзя і Барысаглебскія могілкі.
Пасля экскурсіі ўдзельнікі злёту пераехалі ў горад Нароўлю, дзе ўладкавалі намётавы гарадок. Завяршыўся вечар выступленнем гурта «ДПС Менястрэлі».
На другі дзень адбылося афіцыйнае адкрыццё злёту, якое пачалося з малебна пад адкрытым небам. Богаслужэнне здзейсніў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Па яго завяршэнні ўладыка звярнуўся да прысутных са словам настаўлення і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
Пасля малебна ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў рэктар Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта Валерый Наўныка правёў з моладдзю гутарку на тэму«Роля Праваслаўя ў фарміраванні культуры і дзяржаўнасці беларускага народа», пасля чаго адказаў на пытанні ўдзельнікаў.
Пасля гутаркі ўдзельнікі злёту накіраваліся да берага ракі Прыпяць сустракаць праваслаўнае моладзевае брацтва імя Архістратыга Божага Міхаіла горада Мазыра, якое прыбыло на злёт на плытах і байдарках.
Пазней удзельнікі злёту наведалі ўсяночнае трыванне ў храме святога апостала Іаана Багаслова горада Нароўля. Богаслужэнне ўзначаліў настаяцель храма іерэй Аляксандр Махнач.
Пасля набажэнства клірык кафедральнага сабора святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Кобрыне іерэй Арцемій Дзячок правёў для ўдзельнікаў злёту гутарку пра Еўхарыстыю «Літургія – богаслужэнне па-за часам».
На трэці дзень цэнтральнай падзеяй злёту стаў удзел моладзі ў Бажэственнай літургіі пад адкрытым небам, якую ў ноч з 26 на 27 ліпеня здзейсніў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Па заканчэнні богаслужэння ўладыка Леанід звярнуўся да моладзі са словамі настаўлення, падкрэсліўшы важнасць малітвы, захавання веры і адзінства ў паўсядзённым жыцці і падаў архіпастырскае благаславенне. На набажэнстве ў гэты дзень прысутнічалі старшыня Нараўлянскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Антоненка і першы намеснік старшыні Нараўлянскага раённага выканаўчага камітэта Марына Альховік. Уладыка Леанід падзякаваў Уладзіміру Антоненку за дапамогу і падтрымку ў правядзенні значнага мерапрыемства для моладзі. Пасля набажэнства ўдзельнікі злёту пагутарылі з уладыкам Леанідам ля вогнішча.
Раніца пачалася з малітвы і евангельскай гутаркі, дзе ўдзельнікі злёту ў малых групах вывучалі Свяшчэннае Пісанне. Далей адбылася сустрэча з вікарыем Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі епіскапам Нясвіжскім Аўксенціем на тэму «Вера, навука і межы пазнання». Пасля сустрэчы з уладыкам для ўдзельнікаў злёту быў праведзены майстар-клас па роспісу шопераў.
Затым была арганізавана гутарка з першым прарэктарам Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэем Сергіем Маўсесянам на тэму «Вера, навука і будучыня: эсхаталогія, этыка і выклікі тэхналогій».
Дзень працягнуўся канцэртам ансамбля казачай песні і танца «Маме падабаецца!» і гутаркай каля вогнішча.
У чацвёрты дзень, калі святкавалася памяць святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, удзельнікі злёту маліліся на Бажэственнай літургіі ў аднайменным храме вёскі Дзярновічы. Прастольнае свята ўзначаліў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід. Па заканчэнні набажэнства пропаведзь прамовіў протаіерэй Сергій Маўсесян.
Вёска Дзярновічы Нараўлянскага раёна знаходзіцца на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і размешчана ў 27 км ад Нароўлі і ў 35 км ад Чарнобыльскай атамнай станцыі. У сувязі з радыяцыйным забруджваннем у маі 1986 года пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС усе 732 жыхары былі выселены з роднай вёскі. Пасля богаслужэння для ўдзельнікаў злёту была праведзена экскурсія па Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
Праграма працягнулася паломніцкай паездкай у Юравіцкі мужчынскі манастыр Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Экскурсавод паказаў гасцям адрэстаўраваны сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, азнаёміў з гістарычным мінулым абіцелі, распавёў пра ікону Прасвятой Багародзіцы, іменаваную «Юравіцкая-Міласэрная», якая з'яўляецца адной з галоўных святынь Палескага краю.
Скончыўся злёт падзячным малебнам, які ўзначаліў епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,